СЛУ́ЦКАЯ КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ 1767,

саюз пратэстанцкай (кальвінісцкай і лютэранскай) і правасл. шляхты ВКЛ, арганізаваны для ўраўнавання яе ў паліт. правах з каталіцкай шляхтай. Фактычна арганізавана Рас. імперыяй для ўмяшання ва ўнутр. справы Рэчы Паспалітай. Абвешчана ў сак. 1767 у Слуцку, дзе была абрана яе рада з 33 чал. (амаль усе пратэстанты), у т. л. правасл. магілёўскі епіскап Георгій Каніскі, і маршалак — ген.-маёр Я.​Грабоўскі (кальвініст). Акт С.к. падпісалі 248 чал. Канфедэрацыю ўзяла пад сваю «імператарскую пратэкцыю» Кацярына II. Канфедэраты разам з часцямі рас. арміі рушылі на Мінск, Вільню, Варшаву. Надзвычайны сойм у Варшаве ў 1767—68 зацвердзіў «вечны трактат» з Расіяй, абвясціў правасл. і пратэстанцкай шляхце роўныя правы з каталіцкай шляхтай.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 15, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)